СТАНАВО́Е НАГО́Р’Е,

горная сістэма ва Усх. Сібіры, пераважна на тэр. Бураціі, у Расіі. Працягваецца ад паўн. краю воз. Байкал да сярэдняга цячэння р. Алёкма. Даўж. каля 700 км, шыр. больш за 200 км. Горныя хрыбты (выш. да 2999 м) выцягнуты ва ўсх.-паўн. напрамку, чаргуюцца з міжгорнымі катлавінамі (на выш. 500—1000 м). Складзена ў асн. з крышт. і метамарфічных парод. Значная сейсмічнасць. Шматгадовая мерзлата. Карысныя выкапні: золата, медзь, флюарыт, каменны вугаль. Клімат рэзка кантынентальны. Лета ў катлавінах цёплае, доўжыцца 2—3 месяцы, у высакагор’і — халаднаватае і кароткае (месцамі менш за 1 месяц). Зіма вельмі халодная і працяглая. Ападкаў за год ад 300—400 мм у катлавінах, да 1000 мм у гарах. Невял. ледавікі. Рачная сетка густая, шмат азёр. На схілах — лістоўнічная тайга, вышэй за 1200 м — рэдкалессе і горная тундра. У катлавінах — забалочаныя поймавыя лугі, на схілах — хваёвыя і хваёва-лістоўнічныя лясы. Нагор’е перасякае Байкала-Амурская магістраль.

т. 15, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)